Місія – «выратавальная». Работа назіральных камісій на Ляхавіччыне працягваецца

Місія – «выратавальная». Работа назіральных камісій на Ляхавіччыне працягваецца

Зіму ляхавічане ўрачыста правялі: блінамі, карагодамі і песнямі. Аднак, нават з надыходам доўгачаканага пацяплення работы ў назіральных камісій менш не стала: трэба яшчэ раз праверыць, ці правільна эксплуатуюцца электрапрыборы, стан пячнога ацяплення і электраправодкі ў дамах, наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, нагадаць правілы пажарнай бяспекі. На гэты раз камісія наведала вёскі Карані і Ураджайную.

У складзе камісіі – старшыня сельвыканкама, супрацоўнікі РАНС, міліцыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Такая «каманда» дазваляе даць максімальна аб’ектыўную ацэнку ўмовам пражывання вяскоўцаў. Бо вынікі наведвання домаўладанняў грамадзян так званай «групы рызыкі» рэгулярна акрэсліваюць кола праблем, якія неабходна вырашаць сумесна: злоўжыванне спіртнымі напіткамі, неналежны догляд за дзецьмі, антысанітарыя, наяўнасць бытавых і сацыяльных праблем у адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў.

Першая сям’я, куды завітала камісія, шматдзетная. Дом ацяпляецца газавым катлом і печкай, якой, па словах гаспадыні, карыстаюцца рэдка. Адзіная заўвага камісіі – устанавіць пажарныя апавяшчальнікі ў спальных пакоях. У сям’і зусім нядаўна нарадзілася трэцяе дзіця, таму жанчыне аказалася дарэчы кансультацыя спецыяліста тэрытарыяльнага цэнтра па атрыманні пасведчання шматдзетнай сям’і.

На суседняй вуліцы таксама пражывае шматдзетная сям’я, у ёй выхоўваецца дзіця-інвалід. У доме печка і электраправодка ў парадку, у пакоях устаноўлены спраўныя пажарныя апавяшчальнікі. Заўваг у камісіі няма.

Дом за домам, а камісія часцей за ўсё пакідала адну толькі рэкамендацыю – устанавіць супрацьпажарныя апавяшчальнікі.

– Выяўленне пажару на ранняй стадыі дазваляе знізіць магчымыя страты, а ў некаторых выпадках і зусім звесці іх да мінімальных. Менавіта для гэтага прызначаны АПА, які з дапамогай адчувальных элементаў рэагуе на задымленне і падае моцны гукавы сігнал. Калі ў вашым доме або кватэры ўстаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, то, у адпаведнасці з правіламі пажарнай бяспекі, наймальнік або ўласнік павінен падтрымліваць яго ў спраўным стане. Парушэнне гэтага правіла вядзе да адміністрацыйнай адказнасці, – гаворыць старшы інжынер сектара дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны РАНС Дзмітрый Новік.

У сям’і Глобузаў таксама ў доме парадак. Па словах гаспадара, апавяшчальнік ёсць, але рабілі рамонт столі і на час яго знялі. Да таго ж дом абсталяваны паслугай «Разумны дом».

У залежнасці ад пакета паслуг, у доме ўсталёўваюцца розныя датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця дзвярэй ці вокнаў, уцечкі вады, тэмпературы і вільготнасці.

Падчас работы камісіі Дзмітрый Новік яшчэ раз нагадаў, што нядбайнасць людзей прыводзіла не толькі да страты маёмасці, але і жыцця, а спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра Наталля Ісаханава расказвала людзям пажылога ўзросту пра паслугі, якія аказвае іх установа.

Iнфармацыя з сайта газеты «Ляхавiцкi веснiк»

Обсуждение закрыто.
Translate